Неабыякавыя

Марына Міхайлава

Як жывуць вернікі і духаўнікі за кратамі

І чаму свабоду рэлігіі ў іх імкнуцца адабраць. Тэалагіня Наталля Васілевіч у інтэрв’ю «Салідарнасці» — пра сістэмныя рэпрэсіі рэжыму супраць вернікаў і духоўных асоб.

Беларускія ўлады шмат год адмаўляюць, што ў нашай краіне ёсць палітзняволеныя. Тым часам колькасць невінаватых людзей, якія зазналі пераслед па палітычных матывах, вымяраецца тысячамі.

Рэжым імкнецца знішчыць усякую іх падтрымку, абмежаваць ці наогул спыніць камунікацыю з блізкімі, пераканаць, што «пра вас усе забылі». У такіх абставінах паратункам і апірышчам, якое дапамагае не зламацца ў вязніцы, для многіх становіцца рэлігія. І за гэта — таксама пераследуюць.

«Салідарнасць» расказвае, чаму і як гэта адбываецца.

Рэлігія за кратамі: ад першай асобы

Мінчанін Аляксандр Зялюткін — бацька шасцёх дзяцей, майстар-муляр і экс-палітвязень. Ён быў арыштаваны ў 2021-м і атрымаў ад беларускага суду 3,5 года ўзмоцненага рэжыму па справе аб «масавых беспарадках».

— Адзін раз у ПК-15 я схадзіў у царкву, — згадвае Аляксандр, — бо мяне паклікаў іншы зняволены і тады гэта было магчыма. Ішла служба, нейкае свята было. У цэлым спадабалася, новыя і добрыя ўражанні.

Але потым такую магчымасць закрылі. Нам, «жоўтым» (жоўты цэтлік пастаноўкі на прафулік атрымліваюць у вязніцы ўсе палітвязні — С.) наогул забаранілі выходзіць куды-небудзь. І ў ПК-17 нельга было ўжо ні ў царкву, ні на стадыён альбо ў бібліятэку.

Студзень-2023, Мітрапаліт Веніямін служыць літургію ў ПК у Навасадах (Барысаўскі раён). Фота: blagobor.by

Былы палітзняволены журналіст Ігар Карней, якога беларускія ўлады вызвалілі і фактычна дэпартавалі з краіны ў чэрвені 2025 года, дадае, што турэмныя капліцы ў турмах толькі праваслаўныя, а дазвол на наведванне залежыць ад кіраўніцтва:

— Бог можа клікаць цябе ў царкву, але вырашае адміністрацыя.

Экс-палітзняволеная Антаніна Канавалава распавяла, што, уцякаючы ад пераследу, забрала з дому ў тым ліку маленькія іконкі, якія заставаліся яшчэ да зняволення, хоць раней не была асаблівай верніцай:

— Вельмі моцна я стала верыць у Бога ў калоніі. Не ведаю, чаму, але прыйшло гэта да мяне.

Прапаведнік Сергій Мельянец згадваў у інтэрв’ю «Салідарнасці» пра свой досвед на Акрэсціна:

— Штодня ў нас было ўключэнне «рэлігійнага каналу!. Я як мог людзей падбадзёрваў, гісторыі біблейскія распавядаў. Хлопец, адказны за нашу камеру, мяне называў «Божанька». Казаў: ну што наш Божанька нам сёння распавядзе. Губазікі мяне са здзекам бацюшкам называлі.

…КДБшнік хацеў, каб я падпісаў прызнанне, што ўдзельнічаў у пратэстах. Але я не падпісаў. Сказаў, што калі і хадзіў у цэнтр горада, то толькі для малітвы. Аднак яму гэта вельмі не спадабалася. Пачаў пагражаць, што мая жонка таксама сядзе на Акрэсціна, а дзеці праз 10 дзён паедуць у інтэрнтаты. Я памаліўся, і Бог даў сілы не пагадзіцца.

Пераслед з накапляльным эфектам

Грамадская арганізацыя «Хрысціянская візія» (у Беларусі ўлады прызналі «экстрэмісцкімі» ўсе яе сацсеткі, лагатып, сайт і саму групу — С.) пяты год ажыццяўляе маніторынг пераследу беларусаў на падставах, звязаных з рэлігіяй.

Тэалагіня Наталля Васілевіч дадае, што ёсць два спісы, што паказваюць маштаб рэпрэсій — святароў і вернікаў, якія трапілі пад рэпрэсіі пасля 2020 года.

Наталля Васілевіч. Фота: Радыё Свабода

У першым з іх на сёння амаль 90 святароў розных канфесій, у другім — звыш 60 вернікаў-палітвязняў. Але абодва пералікі далёка не поўныя: нярэдка самі вернікі альбо сваякі просяць не апублічваць факт пераследу, бо баяцца, што будзе горш, таксама многія не афішуюць сваю рэлігійную прыналежнасць.

Цяпер спосабы пераследу крыху змяняюцца, зазначае экспертка. Раней многіх актыўных, прысутных у публічнай сферы святароў, якія выказваліся су праць гвалту сілавікоў, а потым — супраць расейскай агрэсіі, — фізічна выціскалі з краіны.

Сёння ў Беларусі застаюцца тыя, хто больш «шыфруецца», у пэўным сэнсе сыходзіць у падполле.

— Улады перайшлі да сістэмнага пераследу, — зазначае Наталля Васілевіч. — Гэта значыць, пераследуюць за пазіцыю не канкрэтных «непажаданых» людзей, але арганізацыі. Закон пра перарэгістрацыю рэлігійных супольнасцяў дазваляе падвысіць кантроль за тым, чым гэтыя супольнасці займаюцца.

Тыя, хто ўладам не падабаецца, чые вернікі і святары актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах 2020 года, перарэгістрацыю не праходзяць. Альбо, як у выпадку з царквой «Новае жыццё», іх наогул ліквідуюць.

Канчатковых вынікаў перарэгістрацыі яшчэ няма, але відавочна, што колькасць рэлігійных арганізацый у Беларусі скароціцца.

Яшчэ адзін аспект, на які звяртае ўвагу тэалагіня — накапляльны эфект пераследу. Нельга сказаць, каб штомесяц расла колькасць вернікаў, якіх арыштоўваюць, штрафуюць, правяраюць тэлефоны. Але кола тых, каго закранаюць рэпрэсіі, пашыраецца — да некаторых прыходзяць у другі раз, іншых запалохваюць, людзі выдаляюць свае старонкі ў сацсетках і ўключаюць самацэнзуру, дбаючы пра сваю бяспеку.

«Хадзіць у царкву могуць сёння дазволіць, а заўтра забараніць»

— Безумоўна, што ў закрытых, адносна бяспечных прасторах беларускія вернікі і святары хаця б паўнамёкамі стараюцца праяўляць сваю пазіцыю, якая не будзе прачытаная звонку, — гаворыць Наталля Васілевіч. — Хоць публічна вымушаныя ўдзельнічаць у нейкіх праўладных мерапрыемствах, ісці на кампрамісы, наступаючы сабе на горла.

У маральным плане гэта адбіваецца на людзях не вельмі добра, яны не могуць адкрыта выказваць сваю пазіцыю і рэалізоўваць права на свабоду рэлігіі.

— А за кратамі, падаецца, такога права ў беларусаў наогул няма. Прынамсі ў палітычных. Што кажа закон пра наведванне царквы, сустрэчы з духаўнікамі ў трумах і калоніях — і што маем у рэальнасці?

— Ёсць правілы ўнутранага распарадку, якія прадугледжваюць для зняволеных рэалізацыю свабоды рэлігіі. Ёсць і міжнародныя дакументы, у тым ліку так званыя Правілы Мандэлы — звод мінімальных стандартаў абыходжання са зняволенымі, распрацаваных ААН, што мусіць забяспечваць павагу годнасці і правоў чалавека, у тым ліку свабоды рэлігіі.

І нібыта ў розных калоніях, турмах Беларусі ёсць капліцы і цэрквы, да якіх прымацаваныя святары — перадусім праваслаўныя, але па ідэі можна запрошваць і візіты прадстаўнікоў іншых канфесій.

Снежань 2024 года, працоўны візіт архіепіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана ў СІЗА-7, Брэсцкая вобласць. Фота: pravbrest.by

Але насамрэч гэта шмат у чым залежыць ад адміністрацыі той ці іншай калоніі. Яны могуць сёння дазволіць, а заўтра — забараніць. Па сведчаннях вязняў, якія выходзяць на волю, тым, у каго жоўтыя біркі, а гэта ўсе палітзняволеныя — не дазваляецца наведваць царкву. Гэта бачна нават па здымках з богаслужэнняў, калі іх часам публікуюць.

Калі ж вязні знаходзяцца ў асабліва жорсткіх умовах, як Сяргей Ціханоўскі — у яго не было магчымасці ні атрымаць пастарскі візіт, ні ўдзельнічаць у таемствах.

Таксама мы ведаем сітуацыі, што Уладзімір Мацкевіч хацеў сустрэцца з пастарам евангельскай царквы, нават абвяшчаў галадоўку — але яму не дазволілі гэтую сустрэчу; тое ж было з Мікітам Емяльянавым, які ішоў на радыкальныя крокі, каб дабіцца сустрэчы з каталіцкім святаром. То бок, тут можа ўплываць яшчэ і катэгорыя вязня, ці трымаюць яго на «жэстачайшым» рэжыме.

Мы фіксавалі выпадкі, што ў людзей забіралі ружанцы, малітоўнікі, не дазвалялі падпісвацца на рэлігійныя выданні — цэлы шэраг абмежаванняў. Хоць ёсць і досвед людзей, якім удавалася трапіць у царкву і хто меў добрае ўражанне ад святароў. Усякі кантакт са знешнім светам у гэтым сэнсе важны і дае пэўную палёгку.

«Далучыцца да нечага, што вышэй да турму, што дае ўнутраную свабоду»

— На ваш погляд, чаму адміністрацыя забараняе палітвязням паход у царкву? Можна ж знайсці служыцеля, які скажа: усякая ўлада ад бога, а вы выступілі супраць, таму пакараныя — сядзіце тут і маўчыце. Альбо нельга, альбо рызыка вольнадумства? Ці проста таму, што могуць, ведаючы, што вера — важная частка жыццяч чалавека, адабраць і гэта?

— Нават самым правераным святарам, якія прыходзяць у калонію, адміністрацыя не можа давяраць: гэта людзі звонку. Іх жа вельмі ўважліва правяраюць, каб не пранеслі нікому нават запіску. І хай святар кажа тое, што адміністрацыі падабаецца, — але хто ведае, можа, гэта з ягонага боку хітрык, каб насамрэч падтрымліваць зняволеных, асабліва палітязняў. умацаваць дух .

Карная сістэма ў вязніцах пабудаваная такім чынам, каб ты ніколі не мог выканаць усе правілы, каб заўсёды была падстава кінуць чалавека ў ШІЗА.

Такі прынцып развязвае рукі адміністрацыі калоніі, бо дазваляе трымаць вязняў у напружанні, ламаць іх, ціснуць, прымушаць да супрацоўніцтва,пісаць памілоўкі. Каб палітзняволеныя пашкадавалі пра тое, што выступалі супраць улады і рэальна захацелі любымі спосабамі выбрацца. Каб разбурыць усякую салідарнасць, зрабіць людзей нашмат больш слабымі, чым яны трапляюць у турму.

А рэлігія — наадварот, тое, што дапамагае захаваць унутраны стрыжань, прытрымлівацца нейкіх маральных прынцыпаў, спадзявацца на Бога. Людзі, якія могуць практыкаваць сваю веру, пачуваюцца больш упэўненымі, паводзяць сябе прынцыпова — і ёсць менш зручнымі для кіраўніцтва калоніі.

Хай нават святар не гаворыць пра свабоду, — ён можа словам падтрымаць вязня, суцешыць яго, пакласці на шалі вагаў той маленькі каменьчык, які дасць чалавеку сілы, нахтненне і жаданне жыць далей.

— То бок, невыпадкова некаторыя былыя палітвязні кажуць, што паверылі менавіта за кратамі, у месцы, дзе, здавалася б, верыць нікому няма?

— Так, мы таксама ведаем такія гісторыі. Магчымасць далучыцца да нечага, што вышэй за турму, што дае ўнутраную свабоду — гэта для многіх апірышча.

Альбо вера робіцца больш актуальнай, умацоўваецца. Адзін з былых вязняў распавёў, што ў зняволенні прыйшоў да веры — і сёння, ужо на волі і па-за межамі краіны, з’яўляецца актыўным вернікам.

Таксама раней і Зміцер Дашкевіч, і Павел Севярынец расказвалі пра тое, наколькі зняволенне стала для іх паваротным момантам, каб зрабіць маральны выбар і ўзмацніць веру. Гэта датычыць і тых, хто ў звычайным жыцці не вельмі веруючы.

Блогер Вадзім Ермашук згадваў: калі ён быў за кратамі, у яго памёр брат. А яму, як «палітычнаму», ды яшчэ і з «нізкім статусам», нельга было заходзіць у царкву. Ён вельмі перажываў немагчымасць  паставіць свечку за памерлага брата, і пасля вызвалення ён успамінаў гэта як моцны ўдар, хоць жудасных момантаў у «асобаў нізкага статусу» і без таго хапала.

«У духоўных асоб няма імунітэту ад пераследу»

— Ці ставяцца ў месцах зняволеных да святароў з крыху большай павагай, альбо цэтлік палітвязня адразу нівелюе чалавечыя адносіны?

— У духоўных асоб няма ніякага імунітэту ад пераследу, ад катаванняў і пагроз, — канстатуе Наталля Васілевіч. — Часам нават магчыма, што некаторыя з іх перажываюць нават больш ціск. Мы бачылі гэта са святаром Уладзіславам Багамольнікавым: ён адзсядзеў 100 сутак на Акрэсціна і падчас зняволення ледзь не памёр, вязні, якія сядзелі разам з ім, выходзілі і  заклікалі грамадскасць да нейкай рэакцыі, бо з чалавекам рабілі проста жахлівыя рэчы.

Магчыма, ёсць асобныя людзі, якія баяцца зневажаць святара — але гэта хутчэй рэдкасць, сёння большасць тых, хто працуе ў такіх установах, робяць як усе, і не бачаць у палітзняволеных ані святароў, ані людзей наогул, толькі «злачынцаў». Ад іх гэтак сама патрабуюць запісваць «пакаяльныя відэа», пагражаюць, здзекуюцца.

Ксёндз Генрых Акалатовіч, якога асудзілі да 11 гадоў калоніі, распавядаў, што яму прапаноўвалі даць сведчанні на прадстаўнікоў рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі, які-небудзь кампрамат. Тады, магчыма, тэрмін не быў бы такім вялізным.

Каталіцкі святар айцец Анджэй Юхневіч, затрыманы за палітыку, паводзіў сябе прынцыпова, абскарджваў усе несправядлівыя прысуды, — і яго на закрытым судзе абвінавацілі ўжо не «за палітыку», а ў сэксуальных злачынствах супраць няпоўнагадовых. Не выключана, што гэта была адна з умоў, калі ён не будзе дзейнічаць пэўным чынам. Бо нам вядомыя выпадкі, калі адбываецца вярбоўка святароў, іх выпускаюць пад умову супрацы з сілавікамі.

***

Як магчыма ў такіх варунках падтрымаць вернікаў і святароў, якія апынуліся за кратамі? Наталля Васілевіч адзначае: перадусім неабходна разумець рызыкі абіраць спосабы, бяспечныя як для атрымальнікаў, так і для тых, хто дапамагае. Бо нават грашовая дапамога, нагадаем, можа стаць падставай для пераследу, таму сем’і адмаўляюцца. Але ж ёсць іншыя, часам вельмі простыя рэчы:

— Можна дапамагаць арганізацыям, якія падтрымліваюць палітвязняў і іх блізкіх, бо там сістэма больш адладжаная. Але не толькі. Я ведаю, што ў суполках вернікаў унутры Беларусі ёсць самадапамога, хто чым можа. Літаральна, пасядзець з чыімсьці дзіцёнкам, пакуль маці сходзіць па нейкіх справах, ці адвозіць іх на заняткі, дапамагчы з летнікам, правесці кансультацыю і г.д.

Нават калі чалавек вырошчвае кабачкі, і заўсёды паўстае пытанне, каму іх аддаць, альбо мае лішкі мёду, якімі можна падзяліцца — чаму б не з сям’ёй палітвязня са свайго горада ці рэгіёна? У кожнага ёсць пэўныя магчымасці і рэсурсы. Унутры краіны гэта дзейнічае трошкі хаатычна, бо зараз няможна арганізаваць сістэмную дапамогу — але ж дзейнічае.

Працяг тэмы чытайце на нашым сайце ў бліжэйшы час.