Я кажу пра тое, што вось проста цяпер ідзе вайна. І ў гэтай вайне агрэсару рэальна дапамагае толькі РБ. Вырабляюць дэталі для зброі, праводзяць супольныя манэўры, падтрымліваюць агрэсіўнай рыторыкай прапагандыстаў.
Вольскі: «Татальнае крывадушша і мана — вось яны — традыцыйныя каштоўнасьці»
На канцэрце гурта Coldplay у Бостане камера выпадкова зняла гендырэктара IT-кампаніі Astronomer разам з яго падначаленай-каханкай. Відэа прыцягнула ўвагу грамадскасці і выклікала сапраўдны ажыятаж у сацсетках.
З гэтай нагоды Лявон Вольскі на Budzma.org разважае пра тое, чаго насамрэч вартыя традыцыйныя каштоўнасьці «рускага свету», а таксама пра падзел на заходні свет і «рускі свет», які працягвае існаваць яшчэ з часоў Савецкага Саюзу.

Падзел сьветаў
«Два міра — два Шапіра», — жартавалі ў Савецкім Саюзе. Маўляў, у Саюзе і на Захадзе жывуць, мякка кажучы, па-рознаму. СССР даўно няма, але падзел застаўся. Падзел сьветаў.
У адзін сьвет уваходзіць «Дзікі Захад» — дзе геі з наркаманамі ў абдымку ходзяць па вуліцах, дзе ўзаконеныя прастытуцыя і наркаманія, дзе аднаполыя шлюбы — звычайная справа, дзе ўсё робіцца толькі і выключна за грошы, і няма мейсца сяброўству і шчырым пачуцьцям. Дзе ўсьмешкі нацягнутыя, ненатуральныя, а ежа — нібыта з плясмасы.
Другі сьвет — гэта Расея і постсавецкія краіны, якія дагэтуль знаходзяцца пад ейным уплывам. Раней ў гэты «другі сьвет» уваходзілі ўсе «савецкія рэспублікі», але цяпер большасьць зь іх выбрала сабе іншыя вэктары разьвіцьця — адныя бліжэй да Эўропы, іншыя — да Турцыі, астатнія — да Кітаю, вось і засталіся ў гэтым другім (чытайце — рускім) сьвеце адно сама Расея ды РБ.
Я не кажу тут пра зьезды незразумелых наддзяржаўных утварэньняў, дзе зьлятаюцца лідэры Таджыкістану, Узбэкістану й Казахстану і дзе таксама сьвецяцца Рбшны і расейскі правадыры, не.
За фотаздымак расейскай вайсковай тэхнікі, якую гоняць праз РБ (таксама, дарэчы, наўпроставая падтрымка, лічы — саўдзел — даваць у карыстаньне чыгунку і дарогі), можна атрымаць некалькі гадоў турмы. Як і за антываенныя выказваньні. Дзе такое можа быць? Толькі ў дзяржаве-суагрэсары, краіне, якая сама ўдзельнічае ў вайне.
І вось мы прыходзім да высновы. Адзін сьвет — гэта «Дзікі Захад» (Амэрыка, Эўропа, Аўстралія, Японія і ўсё-усё-усё, што знаходзіцца ў сфэры заходняга ўплыву). А другі сьвет (ён жа — рускі) — гэта Расея і РБ.
Калі верыць прапагандыстам, у гэтым «рускім сьвеце» перамаглі «традыцыйныя каштоўнасьці» — дом, сям’я, патрыятызм, любоў да радзімы, белая бярозанька, хата бацькоў — ну, вы зразумелі.
І за гэтыя «скрэпы» (ня ведаю, што гэта дакладна, але ўсе карыстаюцца гэтым словам, ужыву яго й я) прагнілы Захад нас ненавідзіць і толькі й мроіць, каб зьнішчыць, раздушыць, спаліць і попел разьвеяць па ветры. Так сьцьвярджаюць прапагандысты «рускага сьвету» — што ў РБ, што ў Расеі.
Чарговы скандал у заходнім сьвеце
І вось у гэтым разбэшчаным і наскрозь прагнілым заходнім сьвеце разгараецца чарговы скандал.
Закаханая пара патрапіла ў аб’ектыў камэры на канцэрце гурта Coldplay. Высьветлілася, што і жанчына, і мужчына былі каханкамі, маючы сем’і і дзяцей, і гэтая іхная сувязь — службовы раман, і гэты мужчына займаў высокую пасаду, а муж тае жанчыны таксама быў пасьпяховым бізнэсоўцам, дый сама яна імкліва прасоўвалася па службовай лесьвіцы, карацей, усё б добра, каб ня вырашылі ні з пушчы ні з поля паперціся на гэты Coldplay. І цяпер — усё жыцьцё ў руінах.

Прэса ўзьвінціла накал скандалу да немагчымых межаў, мужчыну звольнілі зь ягонае высокае пасады, жанчына выдаліла ўсе сацыяльныя сеткі і таксама, хутчэй за ўсё, звольнілася, і немагчыма выйсьці на вуліцу — усе будуць тыцкаць пальцамі і шыпець: «Глядзіце, гэта тая самая, якая...»
Ці то — памятаеце? — скандал з кінапрадусарам Харві Вайнштэйнам, якога ўрэшце пасадзілі аж на 23 гады за дамагальніцтвы, якія мелі мейсца калісьці даўно, а цяпер усё, нібыта, ускрылася. Зрэшты, суды дагэтуль працягваюцца, Вайнштэйн не прызнаў сябе вінаватым, і невядома, чым усё гэта скончыцца.
Ці то ўжо зусім даўні скандал з прэзыдэнтам Клінтанам, якога «звольнілі» з прэзыдэнцтва за кепскія, амаральныя, паводзіны — за «інтрыжку» з супрацоўніцай Белага дому...
Усё гэта адбывалася і адбываецца ў амаральным і разбэшчаным сьвеце дзікага Захаду...
У рускім сьвеце нічога такога няма.
Недатыкальныя тэмы, датычныя нязьменнага лідэра РБ
У «рускім сьвеце» ў нязьменнага народнага лідэра, які знаходзіцца ў шлюбе з жанчынай, якую ўжо шмат гадоў ніхто ня бачыў, зьяўляецца сын (якога правадыр бачыць сваім спадкаемцам), хутчэй за ўсё, ад супрацоўніцы адміністрацыі (як у Клінтана!), але гэта ня пэўна, і пра гэта ніхто не пытаецца. Проста ўзялі да ўвагі — вось сын правадыра, наш будучы новы лідэр, пачакаем, пакуль ён падгадуецца.
Тым часам правадыр атачае сябе новымі і новымі фаварыткамі — з адной танчыць на балі, з другой сядзіць побач на ўрадавым шоў, ні ў каго не ўзьнікае ніякіх пытаньняў — хто гэтыя жанчыны, чаму яны знаходзяцца побач з кіраўніком?
Адкуль яны зьяўляюцца, можа быць, ёсьць нейкая кантора, якая займаецца пастаўкамі ў палац юных дзяўчатак? Не, гэта недатыкальныя тэмы. Раз так ёсьць, значыцца, так і трэба. Імпічмэнт? Вы што, звар’яцелі?
Другі, суседні, народны лідар, правадыр цэлае імпэрыі, таксама паводзіцца так, як належыць «царственнай» асобе — ні ў чым сабе не адмаўляе. А навошта? Народ ні пра што не пытаецца, адно захоплена падкідае шапкі ўгару. Адзін вунь пытаўся — і дзе ён цяпер?
Усьлед за правадырамі й іншыя намэнклятурныя босы паводзяцца такім самым чынам. А чаго? Так прынята ў гэтым сьвеце.
І гэта — той самы — сапраўдны сьвет, дзе дамінуюць традыцыйныя каштоўнасьці, дом і сям’я, сяброўства і шчырыя пачуцьці. Сумленьне і адказнасьць. Скрэпы...
У гэтым іхным рускім, славянскім, сапраўдным, справядлівым — хай яны яго называюць як хочуць — сьвеце чорнае прынята называць белым, гарачае — халодным, а тупое — вострым.
Татальнае крывадушша і мана — вось яны — традыцыйныя каштоўнасьці, запаветы, якія нам перадалі продкі... І гэтыя, як іх там? Скрэпы!
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное