Турарбекава: «Ці будуць інвеставаць у тое, каб адцягнуць Лукашэнку ад Крамля, ці ўжо не?»

Палітолаг — пра ацэнкі амерыканскай разведкі і якія высновы з гэтага зробіць ЗША.

Паводле дакладу амерыканскай разведкі, Беларусь «ператварылася ў практычна паўнапраўную частку расійскай ваеннай інфраструктуры», а Мінск трэба разглядаць не проста як партнёра, а як перадавы плацдарм Крамля.

На думку гісторыка і палітолага Розы Турарбекавай, такая ацэнка — усё ж такі перабольшанне.

— Чакалася, што пасля паўнамаштабнага ўварвання ва Украіну на тэрыторыі Беларусі застануцца расійскія вайсковыя часткі на ўзроўні брыгад, — згадвае Турарбекава ў эфіры Еўрарадыё. — Але потым, калі расійская армія была адкінутая ад Кіева і цярпела паразы, крок за крокам войскі былі выведзеныя з тэрыторыі Беларусі і перакінутыя на іншы фронт.

Роза Турарбекава

Па-другое, напрыканцы 2025 года я пісала адносна дамовы аб гарантыях узаемнай бяспекі паміж РФ і Беларуссю — гэта самая моцная дамова, што да ваенна-палітычнага супрацоўніцтва.

Некаторыя пункты там былі памякчаныя. Гэта больш датычыць нашай унутранай сітуацыі, калі будзе транзіт улады і нешта будзе пагражаць гэтаму «канстытуцыйнаму ладу» — у пачатковым варыянце дамовы было, што па першым запыце з беларускага боку РФ можа прадставіць «любыя сродкі для падтрымання». А зараз гэты артыкул больш блізкі да артыкула 4 статута НАТА (ён абавязвае ўдзельнікаў ладзіць кансультацыі — С.).

Што да інфраструктуры — канешне, я разумею, чаму амерыканская разведка зрабіла такія высновы. Бо беларускія дарогі знаходзяцца ў расейскай зоне ўвагі і разглядаюцца з гледзішча выкарыстання ў мілітарысцкіх мэтах.

У прыватнасці, дзейнічае сістэма адсочвання грузавікоў. Зразумела, што гэта датычыцца гандлю, але ведаеце, сёння гандаль, а заўтра вайна. Бо паводле старой усходняй прыказкі, хто ідзе перад вайной? Купец. Ідзе і збірае інфармацыю.

Ужо не кажучы пра тое, што ўжо даволі даўно беларуская армія ёсць часткай рэгіянальнай групоўкі войскаў, Беларусь уваходзіць у адзіную сістэму супрацьпаветранай абароны з Расіяй. У 2022-2023 годзе назіралася да таго ж вельмі шчыльная супрацоўніцтва расійскіх вайскоўцаў з беларускімі афіцэрамі, унутры беларускай арміі ішлі спробы вярбоўкі і індактрынацыі. Магчыма, сёння сітуацыя змянілася.

Пытанне ў наступным: наколькі Лукашэнка з’яўляецца расійскай марыянеткай? Як ацаніць ягоную залежнасць літаральна ў адсотках? З майго гледзішча, недзе паміж 60—70%.

Натуральна, у мяне няма такіх звестак, як у амерыканскай разведкі. Аднак маючы на ўвазе ўсе інстытуцыйныя моманты, можна даваць такія ацэнкі: прыкладна на 60% Беларусь можа з’яўляцца часткай расійскай інфраструктуры і плацдармам. Тое, што яны любяць называць «стратэгічным балконам» (дзе балкон — краіна на 9 мільёнаў чалавек).

І ў гэтых жахлівых гульнях, па-еўрапейску кажучы, геапалітычных, па-амерыканску — стратэгічных, — так, калі ўявіць магчымы тэатр будучых ваенных дзеянняў, мы ёсць плацдармам расійскай арміі для наступу на Еўропу. У гэтым няма сенсацыі, гэта сакрэт Полішынеля.

Але рэч у тым, якія будуць рабіць з гэтага высновы <у ЗША>, якія будуць прымаць рашэнні, як будуць разглядаць рэжым Лукашэнкі і Беларусь — у якасці залежнай, паўзалежнай ці незалежнай?

Ці будуць інвеставаць у тое, каб адцягнуць Лукашэнку ад Крамля, ці ўжо не? Або нацэляць свае высілкі і інвестыцыі на тое, каб выбудоўваць агароджу? Якая з гэтага будзе вынікаць ваенная стратэгія? Вось што самае галоўнае.

Зыходзячы са стратэгіі нацыянальнай бяспекі ЗША, прыярытэт для іх — заходняе паўшар’е плюс Кітай. Яны, канешне, з задавальненнем пераклалі б праблему бяспекі еўразійскага кантыненту на Еўропу, каб наўпрост не канфліктаваць з Расіяй. Але тое, ад чаго ЗША ніяк не могуць адмовіцца — гэта Блізкі Усход. І ў шэрагу рэгіянальных прыярытэтаў мы (маю на ўвазе, разам з Расіяй) стаім для ЗША на трэцім месцы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(14)