Роўда: «У Купалаўскі перасталі хадзіць. Хто прыйшоў, сказаў: «Ну, абы што, канешне»

Ці можа так адбыцца, што беларусам прышчэпяць дурны густ да музыкі і тэатру ва ўмовах, калі дзяржава стварае не вельмі якасныя прадукты? Разважаюць журналістка Наста Роўда і актрыса Крысціна Дробыш.

— Я ўпэўнена, што не, — кажа Наста Роўда ў выпуску Мне тоже не нравится. — Мы бачым, што ў Купалаўскі перасталі хадзіць пасля таго, як адтуль сышлі класныя акторы. Хто прыйшоў, сказаў: «Ну, абы што, канешне».

Той самы прыклад з сёстрамі Груздзевымі: калі б іх не запрашалі на абавязковыя канцэрты з абавязковай прысутнасцю і выступамі Лукашэнкі, то я не думаю, што хтосьці па сваёй волі пайшоў бы на іх.

Наста Роўда

У Купалаўскім, канешне, хтосьці ёсць. Але там можна купіць квіткі сёння на заўтра і будуць яшчэ пустыя месцы. Раней такога не было — за два-тры месяцы ўсё было раскуплена.

Людзі не дурныя. Усё ж такі якасць прадукта павінна быць высокай. Заўжды на ўсё здараецца попыт — гэта нармальна, так бывае. Але стварыць штосьці масавае не атрымаецца ніяк, бо людзі проста не будуць адчуваць там душы.

Калі прыйдзе дзяўчына, якой зараз 18 і яна не глядзела іншага — ну, ёй проста не спадабаецца.

«Яна проста не будзе любіць тэатр», дадае актрыса Крысціна Дробыш.

— Лепей не палюбіць адразу і палюбіць у дарослым узросце, чым палюбіць тое, што не варта, — працягвае Дробыш. — У плане музыкі тут прасцей — гэта не жалезная заслона, дзе можна злавіць Голас Амерыкі дзесьці ў дзеда на вёсцы побач з мяжой, Ёсць інтэрнэт, таму шансаў болей.

Крысціна Дробыш. Фота: Еўрарадыё

З тэатрам складаней. Гэта ўвогуле складаная тэма, бо тэатр у Беларусі памёр ужо даўно. Спачатку дужа адстаў ад еўрапейскіх трэндаў, а потым канчаткова памёр. Там штосьці яшчэ боўтаецца, але... Зараз гэта хутчэй выключэнні, чым правілы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(8)