Пашкевіч: «Сустрэчы іншых палітыкаў з Трампам цяпер афармляюцца як сапраўдныя спецаперацыі»

Гісторык — пра нездаровую сітуацыю ў сусветнай палітыцы.

— З маральнага пункту гледжання цяпер, канешне, вельмі складаныя часы, — піша сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандр Пашкевіч. — Не дзіва, што ў многіх і сапраўды дах едзе ад перанапругі — відаць тое і віртуальна, і рэальна.

Як казаў калісьці расійскі класік — «бывали хуже времена, но не было подлей». Не ведаю, як тады, а цяпер то такое адчуванне дакладна.

Аляксандр Пашкевіч

Мне асабіста дык вельмі гідка глядзець на сітуацыю, калі ва ўсёй сусветнай палітыцы амаль не засталося месца для захавання годнасці, усе мусяць хлусіць і прыніжацца.

І не пра Пуціна, Лукашэнку ці якога Сі Цзіньпіна гаворка — з імі то якраз пытанняў няма, бо яны відавочнае ўвасабленне сілаў зла. І калі не прыніжаюцца, то хлусяць яны сапраўды з асалодай.

Але калі сітуацыя дайшла да таго, што на чале самай магутнай дэмакратычнай дзяржавы свету сядзіць самазадаволены нарцыс з яўна самадурскімі замашкамі, і ніхто не ведае, што яму ў галаву ўзбрыдзе, і ўсё залежыць ад таго, які ў яго сёння настрой, і трэба ж, крый божа, каб неяк яго не прагнявіць неасцярожным словам — то гэта ўжо, канешне, калі не край, то блізка да краю.

Сустрэчы іншых палітыкаў з Трампам цяпер як сапраўдныя спецаперацыі афармляюцца — што апрануць, што і як сказаць і чаго не казаць, каб не ляпнуць, не давядзі госпадзе, незнарок лішняга.

Прытым ніхто гэтага і не хавае, ледзь не афіцыйныя прэс-службы ў сваіх камюніке пра гэта дакладваюць. Галоўнае ж — і падчас сустрэчы, і пасля яе не забывацца славасловіць і ліслівіць, гаварыць, якое шчасце быць усяму свету пад такім «лідарствам». І ўсе гэта робяць, бо куды дзенешся — трэба ж цешыць дзівакаватага дзеда і яму дагаджаць, рыхтык як той генеральшы з рамана Элізы Ажэшкі. Нягледзячы на тое, што рэальна ж, як ужо ў беларускага класіка гаварылася, «у вочы звалі «паважаным», за вочы — тыя ж языкі маглі назваць і «Абіззянам», ого, як могуць землякі».

І якраз ад таго ж і гідка, што відаць няўзброеным вокам — ну яўна ж сапраўды называюць яго за вочы «Абіззянам» тыя, хто па службовай неабходнасці мусіць называць «паважаным» і рукі-ногі цалаваць, дыпламатычна кажучы. Ідуць на паклон, ненавідзячы.

Нездаровая сітуацыя. І баюся, што ніякага добрага развязання ў яе няма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(7)