«Консул спытаў, ці ёсць яшчэ што. І я даслаў фота Кастуся Каліноўскага на сваёй грудзі. Праз 30 секунд прыйшоў адказ»

Як міліцыянт адмовіўся хлусіць, пра польскія трускаўкі, попыт на тату і працу над памылкамі за 1994-ы, «Салідарнасці» распавёў стваральнік студыі беларускай нацыянальнай татуіроўкі «1863» Віктар Цыркуновіч.

Фота прадастаўленыя суразмоўцам «Салідарнасці»

Віктар – знакаміты ў Беразіно майстар тату, якога забралі з дому 9 жніўня 2020-га. Пасля содняў і некаторых разваг ён з’ехаў з Беларусі і зараз жыве ды працуе ў Польшчы.

— Мяне судзілі, але атрымаў не 15 содняў, як планавалася, а 7. Таму што адзін міліцыянт, сведка, адмовіўся казаць пра мяне хлусню. Суддзя перанесла паседжанне, знайшлі іншага сведку.

Калі выйшаў, я напісаў польскаму консулу, разумеючы, што ўсё можа быць, і трэба падрыхтавацца да ад’езду. Разумеў, што будуць званочкі. І яны з’явіліся, калі па мне ў месны РАУС даслалі запыты з Менску.

Консул прагледзеў мае дакументы ды спытаў, ці ёсць яшчэ што. Тады я напісаў, што маю на грудзях выяву народнага героя трох нацый — Польшчы, Беларусі і Літвы — Кастуся Каліноўскага. І дадаў фотаздымак.

Цягам 30 секунд прыйшоў адказ: «Прыязджайце».

Я адмыслова паставіў Польшчу на першае месца, разумеючы, што ў іншым выпадку мо б гэта і не спрацавала.

«Пасля 2020-га з’явілася больш попыту на пратэстныя татуіроўкі»

Віктар, які попыт быў на нацыянальныя беларускія татуіроўкі раней і зараз?

— Да 2020-га попыт быў на татуіроўку, звязаную з этнасам. На традыцыйны беларускі арнамент, сымбалі, звязаныя з Беларуссю. Валошкі, буслы, безумоўна, герб Пагоня.

Пасля содняў я яшчэ нейкі час знаходзіўся ў Беларусі, з’ехаў 15 лістапада 2021-га. За тры дні да ад’езду рабіў тату з Пагоняй, яшчэ існавала студыя.

Пасля 2020-га з’явілася больш попыту на пратэстныя татуіроўкі. На тое, што звязана з 2020-м, на знакаміты сымбаль сардэчка-кулачкі-віктары, на «верым-можам-пераможам». На надпісы на беларускай мове, цытаты, жнівень-2020. Быў жнівень з падцёкамі крыві, пасведчанне пра тое, што чалавек хоча зафіксаваць на сабе гэтыя падзеі. Гэта ўжо я рабіў у Польшчы.   

Потым ненадоўга наогул зменшыўся попыт на беларускія татуіроўкі. Напэўна, гэта пра тое, што адбывалася з людзьмі. Нешта накшталт дэпрэсіі, людзі ўвогуле не хацелі нічога, ім стала гэта нецікава ці балюча.

І вось, можа менш за год, здарылася нейкае абуджэнне. Людзі зноў захацелі больш нацыянальна арыентаваныя татуіроўкі. Але герб Пагоня людзі рабілі заўсёды.

«Знаходзіцца ў Беларусі, але не бачыць яе, бо знаходзішся ў турме — гэта не выйсце»

  Шмат размаўляла з творцамі, і большасць казала, што ў эміграцыі творчасцю не заробіш. Як вам?

— Мая сфера дзейнасці ў тату цалкам мяне не забяспечвае матэрыяльна. Я таксама вымушаны мець нейкія падпрацоўкі. Як і іншыя творчыя беларусы.

Гэта не нармалёва, але гэта эміграцыя.

Але ў мяне ніколі не было памкненняў вярнуцца ў Беларусь, бо добра разумею, што нічым добрым гэта для мяне не скончыцца. Знаходзіцца ў Беларусі, але не бачыць яе, бо знаходзішся ў турме — гэта не выйсце.

Цяжкасці разглядаю як часовыя. Гэта трэба перажыць. Бо іншага выйсця няма, акрамя як змагацца не толькі за свабоду, але і за жыццё.

Чаму ў вас на грудзі Кастусь Каліноўскі?

— Бо гэта адзін з тых, на каго я трымаю арыенцір. Прыклад мужнасці, самаадданасці, адзін з лепшых сыноў Беларусі.  

Што адказваеце тым, хто за «чыстае цела» і не прымае ніякіх тату? Бо сёння зрабіў тату, а заўтра перахацеў.

— Дзякуй Богу, сучасны сусвет ужо не такі радыкальны ў гэтым сэнсе. Калі хто хоча зняць тату, існуе такое паняцце як кавер-ап. Нават сучасныя метады не дазваляюць выводзіць тату без болю і цалкам. Гэта няпраўда і немагчыма. Можна трошачкі асвятліць, але дзеля таго, каб зрабіць на гэтым месцы новае тату.

У мяне асабіста таксама былі татуіроўкі, якіх ужо не бачна. Чаму былі адныя, а сталі іншыя? Гэта яскравы прыклад, што трэба вельмі адказна падыходзіць да выбару татуіровак. А ў маладым узросце я гэтага не разумеў.

Змяніўся светапогляд і бачанне татуіроўкі як мастацтва.

Вы кажаце, што трэба вельмі адказна падыходзіць да выбару татуіроўкі, бо яна назаўсёды. Часам нават мужа-жонку нельга на ўсё жыццё падабраць, а вы пра тату...

— З татуіроўкамі значна прасцей, чым выбраць сабе жонку ці мужа. Ды і нават самы закаханы чалавек сёння разумее, што гэта каханнне можа скончыцца. Бо нешта можа змяніцца ў жыцці.

«Тая самаахвярнасць і мужнасць нашых жанчын у мужчынскім свеце не заўважныя»

— Пабачыла вашу фотку на фоне Бядронкі, вы напісалі, што наліха начальніку Бярэзінскага РАУС, «які прарочыў мне займацца ў Польшчы выключна толькі зборам трускаўкі, мая кар’ера пайшла ў гару...»

— Люблю людзей з пачуццём гумара. У мяне ён спецыфічны. Вельмі важна мець стасункі з такімі ж людзьмі, якія на той жа хвалі, што і я. Бо лепш пажартаваць, чым сумаваць.

Таму і зрабіў адмысловы інстаграм «Дзядзька Віктусь». Пасыл быў такі, што я вас буду трошачкі калоць, але насамрэч гэта раблю для ўсіх нас. Разумелі не ўсе.

Там сабраныя вершы, якія дэкламую ад імя нейкага дзядзькі, мужыка, селяніна, які не звязаны са шляхтай. Але ж там не заўсёды вершы вясёлыя ці з гумарам. Шмат над якімі трэба думаць.

Дарэчы я трапіў на Міжнародны конкурс дэкламатарскага мастацтва ў Беластоку і заняў другое месца. Ён быў прымеркаваны да свята роднай мовы.  

А як вы ставіцеся да мужчынскіх слёз? Да таго, што як вучылі ў савецкія часы, «мужчына павінен быць моцны»? І зараз шмат хто кажа пра эпідэмію мужчынскай адзіноты.

— Мне не стае часу, каб адчуць тую адзіноту. І нават калі ўявіць сабе: сталася так, што я стаў шмат каму не цікавы і застаўся сам-насам – то ўсё роўна ёсць людзі, якія зробяць твае сумныя часіны вельмі разнастайнымі. Я маю на ўвазе пісьменнікаў.

Зараз нават не абавязкова, каб усе гэтыя людзі стаялі ў цябе на палічцы. Ёсць інтэрнэт, праз які заўсёды можаш пачытаць тое, што цябе цікавіць. І гэта стала для мяне праблемай, бо доступ да іх ёсць, а часу не хапае.

Разумею, што чалавек можа быць самотным, але кажу за сябе. То ў мяне наадварот.

І наконт мужнасці. Усё ж такі мужчына павінен быць мужным. Бо тая самаахвярнасць і мужнасць нашых жанчын у мужчынскім свеце не заўважныя. Напэўна гэта прыдумалі мужчыны — ты павінен быць мужным, моцным. Бо жанчыне ўжо нічога даказваць ня трэба. Яна сама па сабе мужная.

А мужчынам важна гэта даказваць, таму і трэба быць моцным.

А мужскія слёзы, як я бачу, дазваляюцца, бо мужчына таксама чалавек.

«Калі я буду збіраць трускаўкі, то дакладна не буду горшым за таго, хто займаецца бізнэсам»

— Даруйце, пабачыла ваша фота на плантацыі з трускаўкамі, пад якім вы зноў узгадваеце таго міліцыянта. «Некалі ў такім зараз далёкім і блізкім 2020 годзе, падчас майго затрымання, начальнік Бярэзаньскага РАУС сказаў, што месца такім як я на радзіме няма і што я буду ў Польшчы трускаўкі збіраць. Здаецца, ён нешта ведаў...»   

Так, гэта быў адзін дзень. На большае мяне хапіла, гэта цяжкая праца. Ва ўсякім разе для такога не гнуткага мужчыны як я. Не вельмі спартовы чалавек.

Таму для мяне збіраць трускаўкі было цяжка. Але я паспрабаваў.

Чаму мне не сорамна і адкрыта аб гэтым напісаў, разумеючы, што гэта можа пабачыць той жа начальнік РАУС? Таму што ніякая праца не можа дыскрэдытаваць чалавека.

Ты не губляеш сумленне, хутчэй дэманструеш сваю моц і свабоду. Быць вольным ва ўсім. На якой бы працы я не аказаўся — мне не сорамна.

Я займаюся тату, але ж яшчэ і тынкоўлю, шпаклюю сцены. Гэта праца і грошы. І я ведаю, што гэта часова.

Калі я буду збіраць трускаўкі, то дакладна не буду горшым за таго, хто займаецца бізнэсам. І тое, што я раблю нацыянальныя татуіроўкі — гэта таксама не робіць мяне лепшым за кагосьці.

— І тут вельмі пасуюць радкі Ніла Гілевіча, якія вы запосцілі ў фэйсбуку.

«Вы спрабуеце сцвердзіць сябе

ў якойсці вар’яцкай гудзьбе.

Гэты спеў, гэты візг, гэты скрогат

Не прымаю зусім, не цярплю.

І нічога з сабой не зраблю.

Толькі суд мой ня бэсціце строга.

Ёсць «але».

Я свабоду люблю.

У тым ліку і вашу, у спробах».

— Таму я і называю паэтаў прарокамі. Упэўнены, што гэта менавіта так. Бо яны, здаецца, могуць зазірнуць у будучыню і сказаць нам пра тое, што будзе потым.

Ведаеце, у мяне ёсць яшчэ адна татуіроўка з вершам.

«Палыночык, кавылёчык, трава мацердушка.

Нават камень на Радзіме для мяне падушка».

Я зрабіў яе ў Польшчы. Гэтыя словы належаць Зянону Пазняку. Чалавеку, які даўно ў эміграцыі і адчуў гэта раней, чым я.

«2020-ы ўклініўся ў архітэктуру беларускай нацыянальнай татуіроўкі»

Вы рабілі тату васілька, падпісваючы яе словамі Максіма Багдановіча: «Добра быць коласам. Але шчаслівы той, каму давялося быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў...» Калі больш васількоў замаўлялі, да 2020-га ці зараз?

— 2020-ы ўклініўся ў архітэктуру беларускай нацыянальнай татуіроўкі (усміхаецца). У добрым сэнсе. Уявіце сабе стужку — ідуць буслы, валошкі, арнамент, арнамент, буслы, беларускія вершы, надпісы. І ў гэтую стужку, знізу, ідзе клін...

І далей зноў пайшла тая ж стужка. Так было ў мяне. Невялікі перыяд зацішша, а потым усё ўзнавілася. Уклінаваўся, але не разбурыў. Бо разбурыць нашую нацыянальнасць і самасвядомасць немагчыма.

Сыдуць дрэнныя людзі, гэта ўсё пройдзе, як неаднаразова праходзіла ў беларускай гісторыі. Наша нацыянальная адметнаць у любым разе застанецца. З усімі ўласцівымі ёй сымбалямі.

Таму я не разглядаю гэты клін як кепскі, мо як новы віток. Такі перыяд на нашай агульнай беларускай дыяграме.

Галоўнае тое, што мы застаемся. Мы ідэнтыфікуем сябе, падкрэсліваем нашу ідэнтычнасць, хочам мець гэтую сувязь з Радзімай, гісторыяй, продкамі.

Мяне асабіста вельмі цешыць тое, што датычыцца этнаса. Бо гэта вялікі культурніцкі пласт, якому пазайздросцяць шмат нацый.

І беларуская нацыянальная татуіроўка не толькі ж дзеля прыгажосці. Яна нешта значыць асабіста для чалавека. Бо чалавек кажа: «Я хачу гэты арнамент на сваім целе, таму што...»

Татуіроўка – наступства, прычына ў тым, што чалавек атаясамлівае сябе з беларускім этнасам, хоча падкрэсліць гэта.

І ад гэтага я кайфую. Мае кліенты — гэта заўсёды асэнсаваныя аднадумцы. Я абраў вельмі хітры шлях. І таму я шчаслівы. 

Некаторыя задаюць сабе пытанне: «Божухна, за што і чаму я?» Нават не вернікі. Але ж так супала, што мы знаходзімся ў гэтым гістарычным адрэзку.

Для мяне тое, што адбывалася калісьці з Кастусём Каліноўскім, вельмі падобна на тое, што адбывалася з намі ў 2020-м. Гэта ланцужок, які вядзе да таго, да чаго імкнуцца беларусы доўгія гады.

Гэта яшчэ і праца над памылкамі за 1994-ы. Нам давалі шанец выправіць памылачкі. Але настаўніца забрала той сшытак. І сказала: «Зараз будзе вось так». А ў 2020-м яна вярнула сшытак, кажучы: «Вось зараз, дзетачкі, зрабіце ўсё тое, што я вам казала напачатку нашага ўрока. Не рабіце больш гэтых памылак, асэнсуйце. Прачытайце, што вы нарабілі.

Я вас нават адсаджу на заднюю парту. У Польшчу ды Літву, каб вы не баламуцілі астатніх вучняў, якія не разумеюць. Але ж вы, напэўна ўжо разумееце, што трэба выправіць. Ды разбярэцеся ўжо паміж сабой, нарэшце вызначыцеся: хто вы, навошта вы, за кім пойдзеце і каму даверыце свае лёсы».

І зараз мы ідзем той шлях, калі пачынаем глядзець больш цвяроза на людзей, за якімі трэба ісці. Можа, насамрэч, нават іх яшчэ і не бачым. Але дакладна бачым тых, за кім ісці ня трэба.

Я веру, што абавязкова ўсё будзе добра. Мы ж разумныя людзі, і ўсё выправім. Будзем імкнуцца не рабіць больш гэтых памылак.

Нас зноў перасадзяць з апошняй парты, і мы паедзем туды, дзе чалавеку лепш, дзе менш пакут. І дзе мы, беларусы, будзем адчуваць сябе сапраўднымі годнымі людзьмі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(8)