Класкоўскі: «Для дыялёгу, як для танга, патрэбныя двое»
Палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандар Класкоўскі ў праграме ПіК Свабоды — прав тое, ці перашкаджаюць Ціханоўскія амэрыканцам размаўляць з Лукашэнкам і якія перадумовы нацыянальнага прымірэньня, да якога заклікаў Алесь Бяляцкі?

— Палітычныя экспэрты зараз абмяркоўваюць у асноўным пэрспэктывы дыялёгу паміж Лукашэнкам і Захадам, а калі вузка казаць, дыялёгу афіцыйнага Менску з Вашынгтонам. А якія пэрспэктывы паразуменьня ўнутры Беларусі, сярод беларускага грамадзтва?
Нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі ў сваім апошнім слове на судзе ў 2023 годзе гаварыў аб неабходнасьці нацыянальнага прымірэньня. Тады гэтыя ягоныя словы вялікага водгуку ня мелі з абодвух бокоў палітычнага супрацьстаяньня. А цяпер — ці павялічыліся шанцы на такое прымірэньне? Ці яно і не патрэбнае — якое можа быць прымірэньне паміж катамі і ахвярамі іх катаваньняў?
— Сапраўды, тады многія не зусім зразумелі Бяляцкага. Тады быў яшчэ рэвалюцыйны азарт, былі сьвежыя раны, і душэўныя, і фізычныя, нанесеныя сілавікамі. Сапраўды думалася, якое можа быць прымірэньне з катамі?
Але вось некалькі гадоў і многае пераасэнсоўваецца. Ёсьць вялікі горкі досьвед. І цяпер, мне здаецца, што апазыцыйная, дэмакратычная частка грамадзтва ўжо іначай глядзіць на гэтую сытуацыю, на гэтую праблему. Хоць і радыкалаў таксама стае. Аднак паказальна, што Сьвятлана Ціханоўская як мінімум двойчы за апошнія тыдні казала пра магчымасьць нацыянальнага дыялёгу.
Яна ў абодвух выпадках, калі пра гэта казала, прыгадвала «круглы стол», які быў у Польшчы ў 1989 годзе. Адразу скажу, што гэтае параўнаньне кульгае.
Тады ў Польшчы ізноў узьняла галаву «Салідарнасьць», прычым яна дзейнічала не за мяжой, як цяпер дзейнічае каманда Ціханоўскай і іншыя структуры палітычнай эміграцыі. «Салідарнасьць» дзейнічала ў краіне. Яна ізноў арганізоўвала шматлюдныя маніфэстацыі, страйкі, якія ахапілі ўсю краіну, прычым гэтыя масавыя акцыі адбываліся пад палітычнымі патрабаваньнямі.
І яшчэ адзін важны момант — тады ўжо пачала хістацца савецкая імпэрыя, у арбіце якой была тады Польшча.
Калі ўзяць гэты набор акалічнасьцяў, то нічога падобнага на сёньня ў Беларусі няма. Якія там страйкі, як толькі хтосьці нават заікнецца, яго адразу скруцяць у бараноў рог.
Так што паралель з Польшчай канца 80-х ХХ стагодзьдзя пакуль што яна павісае ў паветры. І відавочна, што сёньня ўмоваў для таго, каб распачынаць нацыянальны дыялёг у краіне няма. Рэжым раскол у грамадзтве толькі паглыбляе, Лукашэнка ў сваіх прамовах расчалавечвае сваіх палітычных праціўнікаў, яны ў яго «зьвяр’ё», «жывёлы» «падонкі», «мразі». Для дыялёгу, як для танга, патрэбныя двое, і які можа быць дыялёг, калі ў аўтарытарнага кіраўніка такі падыход.
Я думаю, што нацыянальны дыялёг стане магчымым напэўна ўжо пасьля сыходу Лукашэнкі, калі нехта зь ягоных пераемнікаў вырашыць, што ўжо прыйшоў час троху адкруціць гайкі і пачаць нейкую, хаця б адносную адлігу.
У кожным разе гэта не будзе так, што ў адзін дзень селі за «круглы стол» і пра ўсё дамовіліся. І дарэчы, можна спрагназаваць, што калі зноў пачнуцца непалітычныя хваляваньні ў краіне, то менавіта ўнутры Беларусі знойдуцца новыя лідэры. Ніхто ня будзе там чакаць варагаў з Вільні ці з Варшавы, ды як яны зь вялікімі завочнымі прысудамі прыедуць у краіну.
Так што, магчыма, зусім іншыя людзі ўжо будуць удзельнічаць у гэтым дыялёгу з боку апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці.
Увогуле, так ці інакш, без гэтага дыялёгу не абысьціся, хаця многім гэта цяжка ўявіць. Але ж менавіта такім быў досьвед трансфармацыі многіх аўтарытарных рэжымаў — скажам, у Гішпаніі і ў шэрагу краінаў былога сацыялістычнага лягеру. Там таксама ў часы дыктатураў быў жорсткі перасьлед іншадумцаў, былі вялікія крыўды, але не саджалі ж там потым на кол агентаў Штазі.
У некаторых краінах праходзілі люстрацыі, але яны былі даволі мяккімі. І мы бачым, што і былыя камуністы ў той жа Польшчы займаюць дастаткова прэстыжныя пазыцыі. То бок грамадзтва перамалола, перацерла масіў гэтых крыўдаў, прэтэнзіяў адзін да аднаго. Дзесьці гэта адбывалася лепей, дзесьці — горш. Ня ўсе будуць задаволеныя, але без таго, каб сшыць, злучыць нацыю, расколатую, разарваную сёньня, проста не будзе будучыні ў Беларусі.
— Вы ўжо сказалі, што паразуменьне можа адбывацца ў розных формах. Гэта не абавязкова палітычныя перамовы за нейкім «круглым сталом». Але мы ўжо зараз бачым у межах дэмакратычных сілаў пэўную плынь, якая мае свой погляд на праблему паразуменьня.
Я маю на ўвазе палітыкаў Івана Краўцова, Валера Кавалеўскага, Андрэя Ягорава, Вольгу Гарбунову, Сьвятлану Мацкевіч. Зянона Пазьняка. На паверхні іх спрэчка з офісам Ціханоўскай, з Абʼяднаным кабінэтам — наконт варыянтаў заходняй палітыкі адносна Беларусі. Але спрэчка насамрэч і пра Беларусь, пра тое, як яна павінна і можа мяняцца.
Вы ня лічыце, што зьяўленьне вось гэтай групы палітыкаў — гэта прадвесьце паразуменьня?
— Невядома, калі і як яно адбудзецца. Але дасьледаваньні аб трансфармацыі таталітарных і аўтарытарных рэжымаў паказваюць, то часта гэта адбывалася ў выніку паразуменьня паміж памяркоўнымі плынямі як ва ўладзе, гэтак і ў апазыцыі. То бок самыя радыкальныя пазыцыі адсякаліся і на гэтым полі шукаўся кампраміс.
Таму я думаю, што ўмоўная супольная плятформа, зь якой выступаюць пералічаныя вамі палітыкі, мае пэрспэктыву.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное