Ціханоўская: «Лукашэнка вызваляе шэсцьдзясят і арыштоўвае сто дваццаць»
Святлана Ціханоўская 22 кастрычніка выступіла з прамовай перад дэпутатамі Еўрапейскага парламента падчас Пленарнай сесіі разам з Сяргеем Ціханоўскім.
Беларуская лідарка пачала сваё выступленне з віншаванняў Анджэя Почобута і Мзію Амэглобелі з атрыманнем прэміі Сахарава і падзякавала ўсім, хто падтрымліваў гэтае рашэнне, а таксама ECR і EPP за іх вылучэнне.
Ціханоўская падкрэсліла: перамены ў Беларусі непазбежныя, а беларусы — народ, які застаецца нязломным. Яна заклікала еўрапейскіх партнёраў падтрымліваць беларусаў як унутры краіны, так і ў выгнанні.
Пра перамены
— Перамены могуць не адбыцца за адзін дзень, але яны абавязкова настануць.
Сёння мы будуем рэйкі пераменаў, каб аднойчы паставіць Беларусь на еўрапейскі шлях, які ні Расія, ні Лукашэнка ніколі не змогуць заблакаваць. Беларусь стане гісторыяй поспеху, і гэтую гісторыю мы напішам разам.
Пра беларускую нязломнасць
— На працягу пяці гадоў я прыходзіла ў гэтую залу з партрэтам мужа. Тры месяцы таму, калі я ўбачыла яго ўпершыню, я ледзь яго пазнала.
Ён выглядаў так, быццам вярнуўся з ГУЛАГу. Але на наступную раніцу ён сказаў: «Цяпер давай прыступім да працы».
У гэтым і ёсць сэнс Беларусі — збітая, але не зламаная.
Пра працяг рэпрэсіяў
— Давайце не падманваць сябе «гуманнасцю» Лукашэнкі. Ён вызваляе шэсцьдзясят і арыштоўвае сто дваццаць.
Нават тыя, хто «памілаваны», не з’яўляюцца цалкам свабоднымі: іх дэпартуюць без дакументаў, з мяшком на галаве. Іх сем’і ў Беларусі падвяргаюцца пераследу. Тыя, хто адмаўляецца з’язджаць — як Мікола Статкевіч, лідар беларускіх сацыял-дэмакратаў — зноў трапляюць у турму.
Пра будучыню
— Не будзьце наіўнымі: Лукашэнка ніколі не зменіцца. Але краіна вакол яго ўжо змянілася.
Беларусы выбралі мір, дэмакратыю і еўрапейскую будучыню. Але гэтая будучыня немагчымая, пакуль Лукашэнка знаходзіцца пры ўладзе.
Пра падтрымку
— Падтрымлівайце наш народ як унутры краіны, так і ў выгнанні. Тысячы беларусаў у ЕС застаюцца без дакументаў, і сутыкаюцца з транснацыянальнымі рэпрэсіямі.
Інвестуйце ў людзей, а не ў дыктатараў. Не бойцеся іх — давайце прымусім іх баяцца нас.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное