Политика

Ціханоўская: У Беларусі дзве альтэрнатывы – сатэліт Расіі або незалежная краіна

У Варшаве 7 лютага праходзяць слуханні кіраўніцы АПК Святланы Ціханоўскай у Каардынацыйнай радзе. Выбралі ключавыя моманты.

Фото: прэс-служба АПК

«Дэбаты як прыкмета здаровага арганізму»

Святлана Ціханоўская падзякавала беларусам як за падтрымку, так і за спрэчкі, адзначыўшы, што дэбаты, дыскусіі і разыходжанні, якія ў нас ёсць, гэта нармальна ў дэмакратычным грамадстве, гэта прыкмета здаровага арганізму.

Нам не трэба ўладнай вертыкалі, калі ёсць сістэма, пабудаваная на прынцыпах дэмакратыі ўзаемнай справаздачнасці і празрыстасці. І гэтая сістэма супрацьлеглае так званаму казарменаму спосабу кіравання, які рэжым навязвае беларусам.

«Дэмакратычныя сілы сёння робяць тое, што павінна рабіць нармальная дзяржава»

Па словах Ціханоўскай, сёння дэмсілы фактычна выконваюць функцыі дзяржавы: вырашаюць праблемы сваіх грамадзян, абараняюць іх правы і адстойваюць інтарэсы краіны на міжнароднай арэне.

Скрыншот відэатрансляцыі

— Рэжым Лукашэнкі робіць усё наадварот. Ён пераследуе сваіх грамадзян, а краіну заганяе ў ізаляцыю. Улада клапоціцца не пра людзей, а пра самую сябе, пра сваё ўласнае выжыванне. Яна трымаецца на страху і рэпрэсіях.

Людзі ў Беларусі і па-за яе межамі, лічыць лідарка дэмсілаў, не адчуваюць ні павагі з боку дзяржавы і ні ўпэўненасці ў заўтрашнім дні ў такой сістэме, пабудаванай на інтарэсах аднаго чалавека.

У якасці прыклада яна прывяла сітуацыю з адключэннем святла ў беларускіх гарадах на загад Лукашэнкі.

Дзве альтэрнатывы для Беларусі

Сатэліт Расіі, ці ўсё ж незалежная краіна, інтэграваная ў еўрапейскую прастору? Ціханоўская мяркуе, што дэмакратычныя сілы прадстаўляюць другі варыянт, еўрапейскую альтэрнатыву.

Безумоўна, перамены ў Беларусі будуць, шмат у чым залежыць ад вынікаў расійскай вайны супраць Украіны. Ёсць імавернасць, што ўсё ж будзе падпісанае мірнае пагадненне. І калі гэта адбудзецца, увага зноў вернецца да Беларусі. І вельмі верагодна, што адчыніцца новае вакно магчымасцяў. Для нас будзе вельмі важна гэтай магчымасцю скарыстацца і не дазволіць Расіі замацаваць свой кантроль над Беларуссю, каб не страціць канчаткова суверэнітэт.

Ціханоўская сцвярджае, што «многія ўнутры сістэмы падзяляюць нашыя погляды і гатовыя з намі дамаўляцца»: —Яны разумеюць, што Лукашэнка страціў суб’ектнасць што ён цалкам залежыць ад Расіі і вядзе краіну ў тупік. І калі гэты працэс не спыніць, то мы страцім нашу краіну.

«Больш часу непасрэдна беларусам і беларускім ініцыятывам»

Кіраўніца АПК падзялілася планамі на бліжэйшыя месяцы. Яна ўжо сустрэлася ў Варшаве з шэрагам беларускіх арганізацый, ініцыятыў, абмеркавала супольныя праекты, мерапрыемствы.

Сёлета я буду імкнуцца прысвячаць больш часу непасрэдна беларусам і беларускім ініцыятывам. Я разлічваю, што мая прысутнасць у Варшаве будзе карыснай і для больш шчыльных кантактаў з польскімі ўладамі, і для беларускай дыяспары. Я хачу падкрэсліць, што гэтае пашырэнне не пашкодзіць ні нашай працы, ні планам, ні адносінам з нашымі партнёрамі. Яно наадварот гэта ўсё можа ўзмацніць.

Ціханоўская таксама паведаміла, што офіс у Вільні працягвае дзейнасць і захавае дыпламатычную акрэдытацыю.

Што ў бліжэйшых планах

  • візіт у Кіеў
  • сустрэчы з кансультатыўнай групай Еўрапейскага саюза, кантактнай групай Рады Еўропы
  • стратэгічныя кансультацыі з Вялікабрытаніяй у сакавіку
  • сесіі стратэгічнага дыялогу з ЗША
  • новая Канферэнцыя беларусаў свету
  • Кангрэс, прысвечаны палітвязням, разам з арганізацыяй Libereco і парламентарыямі з розных краін Форумам хросных палітвязняў
  • сустрэча Міжпарламенцкага альянсу ў Лондане,
  • канферэнцыя, прысвечаная моладзі, супольна са Швецыяй.

Пра галоўныя памылкі

На слуханнях Ціханоўская прыгадала тры галоўныя памылкі дэмсілаў за пяць год. Пры гэтым яна падкрэсліла, што не можа назваць глабальных палітычных памылак, бо, па як словах, «мы працавалі у вельмі абмежаванай прасторы і ніхто ніколі не ведае, што будзе памылкай, што не, калі ты гэта не паспрабуеш».

  • «План «Перамога»: на яго «мы ўскладалі вельмі шмат чаканняў і якія не апраўдаліся».
  • Нестатковая праца з літоўскім грамадствам: «Мы ўсе так думалі, што літоўцы ўсё ведаюць, літоўцы ўсё разумеюць і тыя наратывы, якія прасоўваюць некаторыя парламентарыі і ўзмацняюцца прапагандысцкімі наратывамі, не працуюць, а яны ўвесь гэты час працавалі. Літоўцы ў Літве пачалі ставіцца да беларусаў крышку негатыўна».

Ціханоўская прызнала, што дэмсілам «не хапіла  рэсурсаў, каб змагацца з гэтай вялікай прапагандыцскай машынай».

  • Сваркі і скандалы, якія вельмі ўплываюць «на агульныя настроі і больш увагі канцэнтруецца вакол дробных канфліктаў паміж арганізацыямі ці асобамі».

І мы губляем фокус. І, канешне, я хацела б, каб мы не гублялі нашую мэту і канцэнтравалі нашу нашу энергію не вакол спрэчак, а вакол працы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(8)