Филин

Наталля Север

Церашковіч: «Няма каму спытаць, чаму ў вас вучні не авалодалі беларускай мовай, хаця на гэта выдаткоўвалі грошы»

Гісторык, дарадца Святланы Ціханоўскай па адукацыі і навуцы Павел Церашковіч у каментары Филину — пра тое, колькі дзяцей навучаюцца ў Беларусі па-беларуску.

Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы афіцыйны рэсурс Кармянскага райвыканкаму размясціў у сацсетках ролік, у якім міжволі зняславіў мясцовых школьнікаў. А дакладней — сістэму адукацыі, у якой выкладанне беларускай мовы мінімізавалі да ўзроўню замежнай. Але аказалася, што і яе дзеці ведаюць лепш, чым родную.

Пра русіфікацыю ў адукацыі, прынамсі ў сярэдніх школах «Филину» распавёў гісторык, дарадца Святланы Ціханоўскай па адукацыі і навуцы Павел Церашковіч.

— Напярэдадні вы казалі, што ў адукацыі, як і ў іншых сферах, назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя дамінавання рускай мовы. Скарачаецца колькасць тых, хто навучаецца на беларускай мове, і гэта свядомая палітыка, якую праводзіць рэжым Лукашэнкі. То бок вынікі гэтага працэсу менавіта такія?

— Безумоўна, гэта вынік русіфікацыі. Гэта абсалютна відавочна. Але тут ёсць яшчэ асаблівасці.

Калі ўзяць па рэгіёнах, то найбольшая колькасць тых, хто навучаецца па-беларуску, — у Мінскай і Брэсцкай абласцях.

Наогул, па дадзеных за 2024 год, у нас у сярэднім па краіне на беларускай мове вучыліся 8,22%. Пры гэтым у Мінскай вобласці гэты паказчык вышэйшы ў два разы — 16%. У Брэсцкай вобласці — 13%.

Разам у гэтых рэгіёнах па-беларуску атрымлівалі сярэднюю адукацыю 56 тысяч школьнікаў, у тым ліку ў Мінскай вобласці —27 тысяч.

Найменш за ўсё такіх было на Віцебшчыне — толькі 4,6%, на Магілеўшчыне — 6,6% (7588 чалавек), на Гомельшчыне — 7% (11669 чалавек). У Гарадзенскай вобласці сітуацыя была трохі лепей — 8,6%.

Такія вось заўважныя моўныя асаблівасці — на Усходзе русіфікацыя назіраецца мацней.

Павел Церашковіч

— Але нават 16% — не настолькі вялікі паказчык для нацыянальнай мовы. Ці пагражае гэта тым, што астатнія дзеці могуць зусім згубіць сувязь з беларушчынай, што мы ўжо дарэчы назіраем хаця б на прыкладзе гэтага выпадку ў Карме?

— Думаю, тут пытанні перш за ўсё трэба задаваць не вучням, а чыноўнікам адукацыі. Таму што насамрэч нават у рускамоўных школах на беларускую мову адводзіцца дастаткова шмат гадзін. І колькасць выкладчыкаў беларускай мовы амаль роўная колькасці выкладчыкаў рускай.

І вось у чыноўнікаў трэба спытаць, ці ёсць нейкі кантроль якасці, якія кампетэнцыі сфарміраваныя ў школе, ці робяць настаўнікі нейкую справаздачу?

На мой погляд, у гэтым і праблема — няма каму спытаць, чаму ў вас вучні не авалодалі беларускай мовай, хаця на гэта выдаткоўвалі грошы, былі заняткі, працавалі настаўнікі, ставілі адзнакі, праводзілі іспыты.

А дзе вынік? Чаму яго няма?

І тым, што ў іх пра гэта ніхто не пытае, то бок нікога тая якасць вывучэння сваёй мовы не цікавіць, дзяржава дэманструе, што ёй гэта не трэба.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(10)