Общество

Amnesty International крытыкуе палітыку ЭЗ адносна рэпрэсаваных беларусаў

Праваабарончая арганізацыя Amnesty International апублікавала аналіз «Пастаянная часовая сытуацыя. Прававое становішча грамадзян Беларусі ў Польшчы і Эўрапейскім Зьвязе ў сьвятле рэпрэсіўнай палітыкі супраць грамадзянскай супольнасьці і эмігрантаў». Радыё Свабода перадае яго сутнасць.

Участники акции в поддержку протестующих в Беларуси у здания Европарламента в 2021 году. Фото: Francisco Seco (AP)

У аналізе апісваецца, як прэзыдэнцкія выбары 2020 года зьмянілі рэальнасьць тысяч беларусаў, якія сутыкнуліся з жорсткімі рэпрэсіямі. Дакумэнт прадстаўляе цяжкасьці, зь якімі сутыкаюцца беларусы пры легалізацыі свайго знаходжаньня ў Польшчы.

«Польскія нормы, хоць і палепшылі становішча пасьля ўвядзеньня Дэкрэта № 278, застаюцца недастатковымі для забесьпячэньня пачуцьця бясьпекі ў беларускай дыяспары. Праблемы з атрыманьнем карты побыту і польскага падарожнага дакумэнта пагаршаюць пачуцьцё няўпэўненасьці і пастаяннай нестабільнасьці», – гаворыцца ў аналізе.

У дакумэнце таксама ўзьнімаецца сытуацыя дзяцей, народжаных у Польшчы. Адсутнасьць беларускага дакумэнта, які пацьвярджае асобу, не дазваляе бацькам легалізаваць знаходжаньне дзіцяці, нагадваюць праваабаронцы.

«З прычыны рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму ў Менску становішча грамадзян Беларусі апынулася ў стане падвешанасьці. Таксама адсутнічае гарманізацыя дакумэнтаў на ўзроўні ЭЗ – кожная краіна мае свае ўнутраныя прававыя рэгуляваньні. Агульныя правілы маглі б гарантаваць празрыстасьць і стабільнасьць».

Amnesty International заклікае польскія ўлады да ўкараненьня трывалых рашэньняў, якія палепшаць становішча беларусаў у Польшчы. Гаворка пра:

  • падаўжэньне тэрміну дзеяньня падарожных дакумэнтаў мінімум да 3 гадоў,
  • замацаваньне спэцыяльнага мэханізму атрыманьня польскага падарожнага дакумэнта для беларусаў на заканадаўчым узроўні,
  • стварэньне працэдуры атрыманьня пасьведчаньня асобы для дзяцей, народжаных у Польшчы,
  • юрыдычнае замацаваньне статусу падарожнага дакумэнта як дакумэнта, што пацьвярджае асобу,
  • прыняцьце дзеяньняў на ўзроўні ЭЗ для гарманізацыі эўрапейскага заканадаўства ў адказ на рэпрэсіі беларускага ўрада супраць асоб, якія вымушана эмігравалі.