Неабыякавыя

Юлія Кот

«Аднойчы ў суседзяў нешта грымнула. Было адчуванне, што мяне зноў прыйшлі забіраць, у галаве стукала: уцякай, хутчэй хавайся!»

«Салідарнасць» сумесна з ініцыятывай Урачы за праўду і справядлівасць працягвае распавядаць, як апалітычныя рэпрэсіі і зняволенні адбіваюцца на здароўі беларусаў, наколькі моцна змяняецца фізічны і маральны стан былых вязняў і чаму гэтыя праблемы нікуды не знікаюць пасля выхаду людзей на волю.

ПТСР — абрэвіятура, якую многім беларусам пасля падзей 2020 года, на жаль, не трэба расшыфроўваць, гэтак сама, як СІЗА альбо ГУБАЗіК. Бо посттраўтматычны стрэсавы разлад значная частка нашага грамадства адчула, і працягвае адчуваць на сабе.

Псіхолаг Вольга Вялічка прасачыла, як гэты стан перажываюць былыя палітзняволеныя беларускі — як тыя, хто застаўся ў краіне, так і тыя, хто вымушаныя былі з’ехаць.

Зладжаныя ёй анкетаванні і глыбінныя інтэрв’ю з 67 жанчынамі, якія зазналі палітычны пераслед і турэмнае зняволенне, паказваюць: большасць былых палітвязняў і палітвязынак мае патрэбу ў псіхалагічнай дапамозе, нават калі яны па той бок кратаў і ў адноснай бяспецы.

«Я проста перанеслася з адной клеткі ў іншую»

— З майго клінічнага досведу, ёсць тры галоўныя фактары, якія прыводзяць да дэпрэсіўных станаў альбо дэпрэсіі, — гаворыць Вольга Вялічка.

Фота з асабістага архіву Вольгі Вялічкі

— Першы фактар — тое, што жанчыны ў зняволенні знаходзяцца пад татальным кантролем.

Другі — у месцах пазбаўлення волі ў вязняў вельмі мала асабістай прасторы, яна амаль што адсутнічае.

І трэці — жанчыны сутыкаюцца з абсалютнай нявызначанасцю і немагчымасцю паўплываць на сітуацыю: супрацоўнікі калоніі могуць «перакінуць» іх у іншы атрад, выклікаць кудысьці — і невядома, куды вядуць, што далей будзе, ці не зладзяць новую крымінальную справу.

Усё гэтае напружанне прыводзіць да таго, што жанчыны закрываюцца ў сабе, згортваюць прастору да камеры, у якой яны знаходзяцца ў СІЗА, альбо вельмі вузкага кола, калі гаворка пра калонію. Гэта нагадвае спружыну, што сціскаецца і так застаецца. Бо калі яе адпусціць — эмоцыі пачынаюць выходзіць, а гэта толькі шкодзіць здароўю і робіць цяжэйшымі тыя выпрабаванні, праз якія праходзяць жанчыны за кратамі.

Чым даўжэй жанчына знаходзіцца ў стане спружыны, не маючы магчымасці выказаць пачуцці і думкі, не маючы выбару, чым больш цяжкія ўмовы ўтрымання, жорсткае абыходжанне, катаванні, асабліва калі няма падтрымкі і сувязі з роднымі — тым з большай сілай і ступенню праяўляюцца наступствы.

Сярод найбольш распаўсюджаных — дэпрэсіі і дэпрэсіўныя станы, а таксама розныя формы трывожных разладаў.

Пры дэпрэсіі ў чалавека не проста зніжаецца настрой, але губляецца губляецца цікавасць да жыцця, змяншаецца энергія, часам да нуля, калі няма сіл падняцца з ложку, цяжка на чымсьці сканцэнтравацца, пазбавіцца думак пра смерць або самагубства.

Самае галоўнае: дэпрэсія — гэта псіхічны разлад, ён не пройдзе і не павернецца да лепшага сам па сабе!

Дэпрэсіўныя і трывожныя станы звычайна карацейшыя па часе і менш выразныя. Яны не заўсёды патрабуюць медычнай дапамогі, а чалавек, як правіла, можа ацэньваць свой стан і звяртацца па падтрымку.

Паводле тэставання, сярод экс-палітзняволеных беларусак высокі ўзровень дэпрэсіі мае большасць (61%) тых, хто знаходзіцца ў краіне, і трэцяя частка тых, хто эміграваў. Нізкі ўзровень альбо адсутнасць дэпрэсіі выяўлены толькі ў 14% беларусак у Беларусі і 33% беларусак па-за межамі краіны.

— Гэта цалкам вытлумачальна, — гаворыць псіхолаг.

Шмат флэшбэкаў, шмат страху, ціску — людзі пастаянна прыслухоўваюцца, ці да іх не прыйшлі, адчуваюць небяспеку паўторнага затрымання. Пры гэтым адсутнічае якасная псіхалагічная дапамога, няма адкуль узяць рэсурсы для аднаўлення, ёсць толькі паглыбленае пачуццё безнадзейнасці.

Таму выйсце для гэтых жанчын — занурыцца ў сваю бурбалку, каб зберагчы сілы.

«Я выходжу ў краму толькі раніцай, калі няма людзей. У пад’ездзе стараюся нікога не сустрэць — мне здаецца, што ўсе глядзяць і ведаюць, — распавядае экс-палітзняволеная, якая вярнулася пасля калоніі дадому. — Не хачу глядзець навіны, размаўляць з сябрамі, цягне легчы і забыцца. Я адчуваю, што нічога не змянілася. Я проста перанеслася з адной клеткі ў іншую».

«Бяссонне пачалося яшчэ ў СІЗА і цяпер я не магу пазбавіцца гэтай звычкі, — гаворыць другая беларуска. — З-за гэтага кожная мая раніца — быццам з пахмелля, але і да гэтага я ўжо прызвычылася. У камеры плакаць было цяжка, не ўсё і не заўсёды можна было сабе дазволіць. Памятаю, як у першы месяц дома я плакала амаль кожную ноч, ад свайго бяссілля і адсутнасці моцы усё гэта вытрымліваць».

Чатыры жанчыны з 67 апытаных прызналіся, што мелі суіцыдальныя намеры падчас зняволення, але не звярталіся па дапамогу з-за сораму і страху трапіць ШІЗА. Каля траціны вязынак, якія застаюцца ў Беларусі, эпізадычна адчуваюць суіцыдальныя думкі і пасля вызвалення.

Траўма, якая заўжды з сабой

Небяспека ў тым, зазначае Вольга Вялічка, што посттраўматычны стрэс нярэдка бывае схаваным. Эміграцыя ёсць фактарам змены, але зусім не гарантыяй псіхічнага здароўя. Прыкладам, былая палітзняволеная кажа: усё нармальна, нават добра, толькі ноччу дрэнна сплю, часта прачынаюся, сэрца трымціць і часта біецца.

— Таксама ў многіх бывае, што чэшацца скура, у сне скрыгочуць зубамі, агулам сон ірваны — але мала хто фіксуе гэта як праблему. А зранку жанчына прачынаецца ўжо адразу без настрою, і каб «раскачацца», разварушыць сябе, трэба каля паловы дня. Насамрэч гэтыя праявы гавораць пра дэпрэсіўныя станы.

Кадр з прэзентацыі даследавання

Нярэдка сюды ж у эмігрантак дадаецца падвышаная трывожнасць, пастаянная напруга і перажыванні за сябе і блізкіх, пачуццё ўласнай нікчэмнасці і віны перад дзецьмі/бацькамі (яго перажываюць амаль дзве трэці жанчын, якія з’ехалі з краіны), перапады настрою, панічныя атакі, эмацыйнае выгаранне, пачуццё безнадзейнасці і страты сэнсу (пра яго распавялі звыш 80% беларусак у вымушанай эміграцыі).

«Іншым разам я сябе кусаю — гэта супакойвае, пераключае», — распавяла адна з былых палітвязынак (імёны не называюцца ў мэтах бяспекі — С.).

«Спачатку мне тут было лягчэй — можна гаварыць праўду, не баяцца. Але потым пачалося: я не магу заснуць, мне сняцца тыя сцэны — як клічуць па прозвішчы, як шманаюць, як крычаць», — гаворыць яшчэ адна былая палітзняволеная, як нават фізічная бяспека не дадала душэўнай раўнавагі.

«Мы ўжо былі ў бяспецы, дзеці пайшлі ў школу, я засталася адна дома — і ўсё. Зусім не чакала, што так накрые. Аднойчы ў суседзяў нешта грымнула, і мяне так сагнула — не магла дыхаць. Было адчуванне, што мяне зноў прыйшлі забіраць, рукі цягнуліся шукаць, дзе дзеці, у галаве стукала: уцякай, хутчэй хавайся! Села на падлогу на кухні, думала, што паміраю. Потым была «хуткая», і я ўпершыню ў жыцці пачула, што такое панічная атака», — распавядае беларуска, якой пасля арышту і паўгады  «хатняй хіміі» ўдалося з дзецьмі з’ехаць у Літву.

Як паказала апытанне беларусак у эміграцыі — больш трывогі за будучыню маюць тыя, хто знаходзіцца ў Літве, чым тыя, хто цяпер жыве ў Польшчы.

Як далёка да нормы

Эфект няскончанай турмы, з якім ужо сутыкнуліся тысячы беларусаў і беларусак, можа захоўвацца вельмі доўга.

— Нават у тых, хто мае доступ да псіхалагічнай дапамогі і праходзіць тэрапію, працэс вяртання да стабільнага стану можа займаць месяцы і нават гады, — гаворыць Вольга Вялічка.

Паводле міжнародных даследванняў, людзі, якія правялі ў зняволенні тры гады, адчуваюць яго адбітак на сваім далейшым жыцці, у асобе адбываюцца істотныя змены. Пасля пяці год за кратамі гэтыя змены, перажытыя траўмы ўплятаюцца ў псіхіку настолькі моцна, што робяцца незваротнымі і застаюцца да канца жыцця. Што ўжо казаць пра тых, у каго тэрміны несправядлівага зняволення нашмат большыя.

Што з гэтым рабіць? На добры толк, рэфармаваць сістэму выканання пакаранняў у Беларусі, каб яна адпавядала міжнародным стандартам і выконвала правы чалавека, уключала гуманнае стаўленне, нармальныя ўмовы жыцця, грамадскі кантроль, праграмы рэсацыялізацыі і падтрымку былых вязняў на волі. Але ўсё гэта выглядае аддаленымі перспектывамі, наўрад ці магчымымі ў Беларусі пры Лукашэнку.

А ў бягучых варунках, на думку лекараў, неабходна распрацоўваць больш анлайн-сервісаў, у тым ліку для ананімных кансультацый, шырока падтрымліваць групы самадапамогі, надаваць больш увагі і клопату тым былым палітвязынкам, хто страціў блізкіх і зазнаў катаванні — бо такія жанчыны асабліва ўразлівыя.

І тлумачыць зноў і зноў, што ПТСР не лечыцца проста сном і водпускам, а звяртацца па дапамогу — не сорамна.